ikuzminich (ikuzminich) wrote,
ikuzminich
ikuzminich

Абсурднае звальненне

За што можна звальняць? Дык ці мала за што... Але, далібог, я нідзе не чуў, каб звальнялі за тое, за што збіраюцца звольніць мяне.

Паколькі ў інтэрнэце ў апошнія дні з'явілася інфармацыя аб маім маючым адбыцца звальненні з універсітэту імя Янкі Купалы, я палічыў патрэбным распавесці пра тое, як разгортвалася гэтая сітуацыя і чаму, на мой погляд, мяне хочуць звольніць.

Прыблізна ў пачатку чэрвеня гэтага года мяне разам з дэканам юрыдычнага факультэта тэрмінова выклікалі да рэктара. Я нават не мог сабе ўявіць прычыну выкліку і думаў, што гэта звязана з атрыманнем новага даручэння, як гэта здаралася некалькі разоў раней.

Але размова, у якой удзельнічаў рэктар, два прарэктары і дэкан, пайшла зусім пра іншае. Мне паказалі раздрукоўкі двух маіх казак: пра пагоню «Хто такі белы рыцар на белым кані з белым мячом», і «Як узнік беларускі сцяг» (пра бел-чырвона-белы сцяг), а таксама маю нататку пра «Нашу ніву». 

У мяне высвятлялі, ці мае гэта матэрыялы і ці не сорамна мне за тое, што я зрабіў. Я быў так моцна шакаваны, што нават ня меў што адказаць! Сказаў толькі, што гэта сапраўды мае матэрыялы і мне за іх не сорамна, а што тычыцца казак, то яны нават карыстаюцца некаторым попытам у інтэрнэце.

У жніўні ў інтэрнэце распачалася дыскусія адносна артыкула Анатоля Тараса і я вырашыў выказаць сваё меркаванне па дадзенай тэме. У выніку, у канцы месяца я меў другую размову з адміністрацыяй універсітэту адносна маіх матэрыялаў у інтэрнэце.

Пасля той размовы я рыхтаваўся да звальнення з 1 верасня. Але ніякіх крокаў па звальненню з боку адміністрацыі не было здзейснена. Адзінае, што было зроблена – мяне вызвалілі ад абавязкаў намесніка дэкана юрыдычнага факультэта па практыцы і прафарыентацыі.

...У верасні 2012 года сваё 15-годдзе святкавала грамадскае аб'яднанне «Цэнтр «Трэці сектар». Мне, як аднаму з заснавальнікаў і актыўных сябраў гэтай зарэгістраванай афіцыйна арганізацыі, прапанавалі напісаць некалькі словаў у якасці віншавання. Мае словы, разам з віншаваннямі іншых сябраў «Цэнтру «Трэці сектар», змясцілі на вэб-старонку арганізацыі.

Пасля публікацыі гэтага матэрыяла са мной зноў сустрэліся і паведамілі, што прынятае рашэнне пра тое, што я не магу знаходзіцца ва ўніверсітэце з-за маёй грамадскай пазіцыі і павінен да канца верасня напісаць заяву з просьбай аб звальненні па асабістым жаданні.

Я спрабаваў высветліць, чаму хочуць, каб я звольніўся і хто з'яўляецца ініцыятарам майго звальнення, але адзінае, што мне тлумачылі – гэта тое, што я сам вінаваты, бо выстаўляў матэрыялы ў інтэрнэце, хоць мяне папярэджвалі.

Як мне было патлумачана, у выпадку, калі я сам не напішу заяву, я ўсё роўна буду звольнены, але ўжо па артукуле.

Як я разумею
, зараз неабходныя паперы рыхтуюцца ў галоўным корпусе ўніверсітэта. 

Зразумела, што звольніць за казкі ці за грамадскую пазіцыю немагчыма, але тады за што? Звольняць за прагулы ці за спазненні? На працягу амаль 20 год ніякіх нараканняў у гэтай сферы да мяне не было. Звольняць за непрафесійнасць, але абмеркаванні маіх лекцый можна знайсці ў пратаколах паседжання кафедры, з рэйтынгам выкладчыкаў, які вызначаецца студэнтамі можна азнаёміцца і мне не будзе сорамна! Звальненне за невыкананне сваіх службовых абавязкаў? Але тыя сферы, за якія я асабіста адказваў, на юрыдычным факультэце (канешне, не толькі дзякуючы мне, а ў першую чаргу дзякуючы працы ўсяго калектыву), маюць ці не найлепшыя паказчыкі ва ўніверсітэце: самы высокі прахадны бал з усіх факультэтаў універсітэта. Апроч таго, у час, калі цяжка набраць абітурыентаў – юрыдычны факультэт выканаў усе запланаваныя паказчыкі з поспехам...

Думаю, што акрамя мяне і Андрэя Чарнякевіча ёсць і іншыя выкладчыкі, на якіх здзяйсняецца ціск, альбо якіх прымушаюць дабраахвотна напісаць заявы на звальненне з універсітэта. Магчыма, што на нашым прыкладзе адпрацоўваецца сістэма «чысткі кадраў», якая можа закрануць многіх выкладчыкаў, прычым палітычныя і грамадскія погляды могуць быць ужо зусім не прычым. А магчыма наша звальненне проста выкарыстоўваюць для нейкай іншай мэты.

І яшчэ некалькі словаў пра прычыны звальнення. Як я зразумеў з усяго гэтага раптоўнага «працэсу», камусьці ў ва мне не падабаюцца некалькі рэчаў.

Па-першае, звальняюць выкладчыка вышэйшай навучальнай установы за змест літаратурнага твора. Але што экстрэмісцкага ў тэкстах маіх казак? Што там забароненага? Пагоня і бел-чырвона-белы сцяг? Гэта гістарычныя сімвалы, якія трэба памятаць. Чаму пра іх нельга пісаць?

Па-другое, звальняюць выкладчыка вышэйшай навучальнай установы за тое, што я не хаваю сваё імя пад нікамі ahient_007, каспер ці шмайсцер, а гатовыя выказвацца па грамадска важных пытаннях ад свайго імя. Цяпер я перакананы, што калі б я пісаў пад «нікам» – праблемы не было б з маім звальненнем.

Па-трэцяе, звальняюць выкладчыка вышэйшай навучальнай установы за тое, што я раблю з дапамогай інтэрнэта свае меркаванні і думкі публічнымі. Пры гэтым свае матэрыялы я выстаўляў ва ўласным блогу, з якога любы сайт ці іншы блог можа «перапосціць» мае матэрыялы на сваіх старонках – я буду толькі рады. «Архэ», які, дарэчы з'яўляецца зарэгістраваным у адпаведнасці з беларускім заканадаўствам, сайтам, ставіў мае матэрыялы, бо яны былі цікавыя рэдакцыі. Я рады, што мае матэрыялы цікавыя «Архэ», я быў бы не супраць, каб іх друкавалі і на сайце «Савецкай Беларусі» ці «Свабоды». Ад таго, дзе матэрыял знаходзіцца, змест яго не змяняецца.

Падсумаваць гэта ўсё можна наступным чынам:

-маё звальненне не звязана з маёй дзейнасцю як выкладчыка, даследчыка ці адміністратара;

- мяне хочуць звольніць за тое, што не згодны з маёй грамадскай пазіцыяй, якая адлюстроўваецца ў змесце маіх матэрыалаў, за тое, што гэтыя матэрыялы знаходзяцца ў свабодным доступе праз інтэрнэт, за тое, што сваю пазіцыю я агучваю публічна, падпісваючыся сваім імём.
Tags: real story, Беларусы, адукацыя, грамадства
Subscribe
  • Post a new comment

    Error

    Anonymous comments are disabled in this journal

    default userpic

    Your reply will be screened

    Your IP address will be recorded 

  • 5 comments